ТЭХНІ́ЧНЫЯ ВІ́ДЫ СПО́РТУ,

агульная назва розных комплексаў агульнафізічных практыкаванняў, навыкаў і ўменняў у галіне валодання і кіравання спарт. тэхн. снарадамі, у т. л. снарадамі-апаратамі; сістэма правядзення спаборніцтваў па гэтых комплексах. Кожны Т.в.с. мае канкрэтнае прыкладное значэнне. Выкарыстоўваюцца розныя тэхн. сродкі (аўтамабілі, матацыклы, паветраныя і водныя судны, радыётэхн. прылады, агнястрэльная зброя і інш.). Асаблівасць Т.в.с. ў тым, што спарт. вынікі залежаць не толькі ад фіз. якасцей спартсмена, а і ад ступені дасканаласці валодання тэхн. сродкамі, якімі яны карыстаюцца, і майстэрства кіравання імі.

Развіваюцца з канца 19 ст. разам з развіццём тэхн. сродкаў іх забеспячэння, пераважна на прафес., камерцыйнай аснове. Напачатку развіваліся ў еўрап. краінах, да сярэдзіны 20 ст. пашырыліся ў краінах усіх кантынентаў. Праводзяцца асабістыя і камандныя спаборніцтвы (чэмпіянаты краін, кантынентаў, свету), некаторыя (напр., стралковыя) уключаюцца ў праграму Алімп. гульняў.

На Беларусі Т.в.с. развіваюцца з 1950-х г. Найб. значныя дасягненні атрыманы ў авіяцыйным спорце, аўтамабільным спорце, матацыклетным спорце, падводным спорце, радыёспорце, стралковым спорце, суднамадэльным спорце.

т. 16, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)